Радыё Свабода публікуе анкеты, у якіх людзі распавядаюць, як прыйшлі да беларускай мовы, і што яна значыць у іх жыцці. На пытанні адказаў і жыхар барысаўскіх Печаў, чалавек, які дамогся бяплатнага праезду для школьнікаў нашага горада ў гарадскім транспарце.

Чаму і як вы пачалі гаварыць па-беларуску?

У школе беларускую мову не вывучаў, бо бацька (дарэчы, беларус) быў вайскоўцам. Дзеці вайскоўцаў ад вывучэння мовы вызваляліся. За 10 год навучання давялося змяніць не адну школу і пажыць як у Беларусі, так і за яе межамі. Да беларускай мовы прыйшоў пасля службы ў войску, калі ўжо навучаўся ў педагагічным інстытуце ў Мінску. Пачынаў з чытання. Давалася вельмі цяжка, ледзь не праз слова даводзілася лезці ў слоўнік, каб удакладняць або высвятляць сэнс слова. Навучыцца размаўляць па-беларуску – гэта было светлай марай. Так, паступова, на працягу не аднаго году я яе здзейсніў. Пасля як чытаў, пачаў пісаць па-беларуску. Справа ў тым, што я вяду нататкі: што, калі трэба зрабіць і г. д. Дык вось, гэтыя нататкі пачаў перакладаць на беларускую. Таксама цяжкавата было спачатку. І, нарэшце, у 2004 годзе я пазнаёміўся з беларускамоўнымі хлопцамі, якія жывуць у нашым горадзе. Гэта дапамагло мне пачаць размаўляць па-беларуску. Зараз мовай валодаю на «добра».

Дзе і як вы карыстаецеся мовай?

Карыстаюся дома. Таксама ўжываю мову ў адносінах з знаёмымі, якія ведаюць мяне як беларускамоўнага. На працы мову выкарыстоўваю мала, бо праца юрыста патрабуе камунікатыўнага паразумення, што ж тут скажаш, калі нават на побытавым узроўні не заўсёды атрымліваецца паразумецца, а калі пачаць ужываць беларускую юрыдычную тэрміналогію, дык і зусім…

Як мова дапамагла вам ў працы, жыццёвых сітуацыях?

Канкрэтна зараз штосьці вельмі цяжка ўзагадаць. Але даводзіцца часта чуць ад незнаёмых людзей, што ім падабаецца мая беларуская. Беларуская – гэта як чырвоны сцяжок, яна адразу задае арыентыр пры ўзаемінах. Для нармальных людзей ты робішся па меншай меры цікавым, для беларусафобаў робішся адразу «бэнээфаўцам».

Якія цяжкасці стварыла мова?

Былі выпадкі ва ўжыванні мовы, калі ўзнікалі сітуацыі непаразумення. Рознае. Напрыклад, купляеш капэрту ў шапіку, вымушаны тлумачыць прадавачцы значэнне гэтага слова. Былі выпадкі і больш брутальныя: калі пачутая кімсьці мова выклікала прыступы фобіі.

Алег Мацкевіч у старажытнай Вільні



КОММЕНТАРИИ