Жыхары ваеннага гарадка атрымалі ў сваіх паштовых скрынях запрашэнні ад мясцовай участковай камісіі прыняць удзел у галасаванні. На адваротным баку запрашэння размешчана фактычна агітацыя за безальтэрнатыўнага кандыдата, танкіста, ураджэнца Чалябіншчыны, Сяргея Андрэева пад назвай «Ваш кандыдат».

Варта адзначыць, што выбарчая камісія не мае права вырабляць агітацыйныя матэрыялы. Разам з тым новая рэдакцыя Выбарчага кодэксу дазваляе інфармаваць людзей пра кандыдатаў. Іншая справа, калі зарэгістраваны толькі адзін кандыдат (а такіх акругаў у Барысаве і раёне больш за 90%), то любы напамін пра яго з боку камісіі можна расцэньваць як прыхаваную агітацыю, бо рэальнага выбару няма. Выбар тады можа быць выбарам, калі ёсць альтэрнатыва. У дадзеным выпадку яна адсутнічае.

Адзін з нашых чытачоў прадаставіў аўдыёзапіс сваёй размовы з Скепкам Юрыем Дзям’янавічам, кіраўніком участковай камісіі №69, якая размяшчаецца ў былым Доме афіцэраў. Акрамя таго выбарнік перадаў нам і арыгінал запрашэння.

З аднога боку запрашэння ўчастковая выбарчая камісія прапануе прыйсці прагаласаваць, а з другога боку падказвае за каго канкрэтна.

Прапануем увазе грамадскасці вычытку тэлефоннага дыялогу, які адбыўся паміж спадаром Скепкам і жыхаром Печаў.

Добры дзень! Скажыце, калі ласка, а хто ў нас кандыдат? Толькі Андрэееў?

Не. У раённы савет ідзе Андрэеў Сяргей Аляксандравіч, у абласны савет ідзе Мельнікаў Аляксандр Іванавіч.

А альтэрнатыва ёсць якая-небудзь Андрэеву і Мельнікаву? Яны ж у розныя саветы вылучаюцца адзінаасобна…

Няма. У нас зарэгістравана па адным кандыдаце.

А чаму так? Не ведаеце?

Ну, напэўна, вам трэба звярнуцца ў акруговую камісію і там задаць пытанне.

Па паштовых скрынях у Печах было раскінута запрашэнне на выбары ад імя вашай участковай камісіі. З адваротнага боку запрашэння ёсць інфармацыя аб безальтэрнатыўным кандыдаце Андрэеве пад назвай ВАШ КАНДЫДАТ. Гэта ж агітацыя з вашага боку атрымліваецца, ці не так?

Гэта (паўза) згодна заканадаўства… калі вы жадаеце па тэлефоне са мной размаўляць, то, калі ласка… нам у гэтым годзе ўпершыню прапанавана вось такую інфармацыю, каб людзі даведаліся хаця б прыблізна, што з сябе людзі ўяўляюць… каб мелі якое-небудзь паняцце… нам прапанавалі вось такую інфармацыю ўчастковым камісіям раздаць… мы ні ў якім разе ні за каго не агітуем, мы проста выканалі свой кавалачак працы, які нам вызначаны.

Але ж гэта кандыдаты самі павінны за сябе агітаваць. Хіба не?

Ну кандыдаты вось учора збіраліся, у мінулую нядзелю збіраліся ў ГДА. Гэта іх праца. Я туды да іх не хадзіў і нават не ведаю, аб чым яны гаварылі.

І ўсё ж вы лічыце, што фраза ВАШ КАНДЫДАТ на запрашэнні ад вашай выбарчай камісіі – гэта не агітацыя? І гэта нармальна?

Вы хочаце са мной аб чымсьці паспрачацца?

Так, я хачу з вамі паспрачацца…

Я (старшыня камісіі крыху закешкаўся. – BARYSAU.BY) філасофію вывучаў калісьці і вельмі добра вывучаў. Калі вы хочаце, прыходзьце сюды на ўчастак і мы з вамі пагаварым.



КОММЕНТАРИИ