Ураджэнка Барысава Натальля Красоўская, якая ваюе на баку сэпаратыстаў на Данеччыне, паведаміла, што супраць яе КДБ завёў справу за наёмніцтва. У чарговым інтэрвію, якое зьявілася ў інтэрнэце, Натальля, усьміхаючыся, кажа, што яна забойца. Дзяўчына носіць камуфляжную форму і пасьля кантузіі стала снайпэрам.

«Аднойчы мне сказала мая маці, што прыходзілі людзі з КДБ. Учора я ёй тэлефанавала — зноў нехта прыходзіў, нешта хацелі, нумары на праслухоўваньні. Спачатку сказалі, што дадуць мне 10 гадоў, потым супакоіліся і сказалі — да сямі. Як патлумачылі мне тут, за наёмніцтва. Я адразу кажу, што я не наёмнік, а добраахвотна сюды і бясплатна прыехала. Вось такія справы. У мяне быў аўтамат „Вася“, цяпер у мяне вінтоўка, яе завуць „Крысьціна“. Я забіваю ворагаў».

— Якіх ворагаў? Многія думаюць: ты забіваеш — значыць, ты забойца…

— Так і ёсьць… Я не баюся слова «забойца». 

Таксама Натальля ўзгадала, як «калісьці прэзыдэнт Лукашэнка сказаў, што беларусаў на гэтым баку апалчэнцаў ня будзе, што беларусы захоўваюць нэўтралітэт і сядзяць дома».

«Праблема, відаць, у тым, што Аляксандар Рыгоравіч не апытаў усіх асабіста. Цяпер яму неяк трэба адказаць за свае словы, і ён усім беларускім апалчэнцам завочна дае тэрміны», — сказала снайпэрка зь Беларусі.

На пачатку чэрвеня снайпэрка з Барысава распавяла расейскім журналістам, як яна пачала ваяваць у Славянску Данецкай вобласьці.

«Я прыехала сюды 5 траўня. А 7 траўня я была ўжо ў Славянску. Я нарадзілася ў Беларусі. Вырасла ў Беларусі. І да прыезду ў Славянск я жыла ў Беларусі, у Менскай вобласьці, горадзе Барысаў, на вуліцы Трусава. Я не баюся паказваць свой твар і пашпарт, таму што ў бок беларускай мяжы я паеду толькі тады, калі ўсе памежныя заставы будуць занятыя апалчэнцамі», — сказала Натальля.

Таксама яна перадала прывітаньне «бацьку» Рыгоравічу на камэру журналістаў «Комсомольской правды»:

«„Бацька“, твае грамадзяне на гэтым баку. На ўсякі выпадак, каб ты ведаў, Рыгоравіч. Дзяўчаты, хлопцы — нас ніхто не адпраўляў, мы прыехалі сюды самі. Зь Беларусі тут ня я адна. Я проста хачу, каб ты, Рыгоравіч, гэта ведаў». 

Раней зьяўлялася інфармацыя пра тое, што Натальлю кантузіла пад Славянскам. Пасьля некаторыя мэдыі памылкова паведамілі, што Натальлю затрымалі ўкраінскія сілавікі.



КОММЕНТАРИИ