Класічны аргумент супраць беларусізацыі вулічных шыльдаў выкарыстаў выпускнік пячанскай СШ №7, а цяпер намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама, Дзмітрый Голубеў у адказе грамадскаму актывісту Ігару Случаку – шкада грошай і хто як хоча, на той мове хай шыльды і вырабляе.
Разам з тым, чыноўнік пераконвае актывіста ў тым, як шмат ужо робіцца на Барысаўшчыне для папулярызацыі беларускай мовы, пры гэтым у пісьмовым адказе збіваючыся на звыклую для чыноўніка рускую:

«У галіне пашырэння выкарыстання беларускай мовы робяцца наступныя меры: на тэрыторыі Барысаўскага раёна дзейнічаюць беларускамоўная гімназія №2, Новоянчинский дом фальклору, ва ўстановах культуры і адукацыі праводзяцца мерапрыемствы з выкарыстаннем беларускай мовы. У ДУК “Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка им.И.Х.Каладзеева” праводзяцца сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі. Другі год у бібліятэцы праводзіцца акцыя “Чытаем па-беларуску”».

Голубеў лічыць, што «замена наяўных шыльдаў з назвай вуліц на рускай мове пацягне значныя фінансавыя выдаткі», але абяцае даслаць (!) ліст (!!) з прапановай (!!!) ва УП «Жыллё» «вырабляць і размяшчаць паказальнікі на беларускай мове», маючы на ўвазе пад паказальнікамі вулічныя шыльды.

slucak

Аднак нешта падказвае, што гэтая прапанова застанецца прапановай нерэалізаванай. Калі ўжо Барысаўскі выканкам да сённяшнега дня сам не дайшоў да высакароднай ідэі беларусізацыі візуальнай прасторы Барысава, то ліст звычайнага актывіста ў гэты самы выканкам наўрадці паўплывае на змену моўнай парадыгмы чыноўнікаў.

Няўпэўненае супраціўленне Аляксандра Лукашэнкі агрэсіўнаму наступу «рускага свету» на Беларусь знаходзіць упэўненае супраціўленне ініцыятывам кіраўніка дзяржавы з боку барысаўскіх чыноўнікаў.



КОММЕНТАРИИ