Падчас візыту на ААТ “Барысаўдрэў” Аляксандар Лукашэнка даручыў падрыхтаваць праект дэкрэту, у адпаведнасці з якім работнікам дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, якія мадэрнізуюцца, з 1 снежня будзе забаронена звальняцца з працы.

Каля прахадной “Барысаўдрэва” з рабочымі пагутарыла карэспандэнтка “Радыё Свабода”.

 

Ігар Сіроткін працаваў на “Барысаўдрэве” начальнікам упраўлення капітальнага будаўніцтва. Напісаў заяву, і ўвосень кіраўніцтва прадпрыемства яго звольніла. Прычына сыходу — незадаволенасць заробкам. Лічыць прэзідэнцкую забарону звальняцца несправядлівай, бо цалкам мадэрнізаваць “Барысаўдрэў” цягам бліжэйшых гадоў немагчыма.

 

“Лукашэнка сказаў здаць не толькі гэты цэх, але і фанерны, і запалкавае прадпрыемства. Загадаў цалкам зрабіць мадэрнізацыю ўсяго прадпрыемства. Але я лічу, што гэта нерэальна. Занадта вялікія выдаткі для гэтага патрэбныя. Такіх грошай няма. Заробкі нізкія. У фанерным цэху ў верасні-кастрычніку гэтага году людзі атрымлівалі па 1.200.000 рублёў. Гэта вельмі мала. Лукашэнка сказаў, што да канца году зробяць заробак 500 даляраў. Паглядзім, калі так і будзе, то які сэнс звальняцца?” — сказаў Ігар Сіроткін.

Спадар Сіроткін перакананы, што цяпер на прадпрыемстве ёсць людзі, якія хочуць звольніцца з-за нізкіх заробкаў. Разам з тым работнікі прадпрыемства могуць мець дадатковыя выгоды. Напрыклад, пуцёўку са значнай зніжкай і медыцынскую страхоўку:

 

“У жніўні гэтага году зрабілі медыцынскія страхоўкі для ўсіх работнікаў. Прыстойную суму заплаціла прадпрыемства, каб, калі чалавек трапіць у лякарню, лячэнне было бясплатным. Гэта вялікая справа”, — сказаў сп. Сіроткін.

 

Супрацоўнікі “Барысаўдрэва” паведамілі, што цяпер звольніцца ім можна толькі пасля ўзгаднення са старшынём Мінскага аблвыканкаму. Ставяцца да гэтага кепска, аднак вялікай колькасці ахвотных звальняцца няма.

Рабочы запалкавага цэху Аляксандар кажа, што працаваў на “Барысаўдрэве” ўсё жыццё і звальняцца не хоча. Такая ж сітуацыя ва ўсёй яго брыгадзе. Лічаць, што калі жаданне звольніцца ўзнікне, то змогуць дамовіцца з кіраўніцтвам.



КОММЕНТАРИИ