Юрыст выдання безвынікова дамагаўся аднаўлення правоў свайго СМІ ў раённых і абласных інстанцыях і Савеце міністраў, а цяпер будзе чакаць адказу ад Міністэрства інфармацыі.

11 сакавіка 2013 г. Алег Мацкевіч накіраваў скаргу ў Савет Міністраў РБ з просьбай абавязаць Барысаўскі райвыканкам размясціць на сайце ў раздзеле “СМІ” інфармацыю пра недзяржаўнае друкаванае выданне “Борисовские новости”.

19 сакавіка з Саўміна прыйшоў адказ, што скаргу перанакіравалі ў Міністэрства інфармацыі, якое павінна паведаміць пра вынікі яе разгляду.

Перад гэтым юрыст звяртаўся па гэтай жа справе ў Барысаўскі райвыканкам і Мінскі аблвыканкам, якія палічылі, што адсутнасць дадзеных пра “БН” – законная. Бо, паводле Палажэння аб парадку функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацыяй, рашэнні наконт размяшчэння інфармацыі на сайце Барысаўскага райвыканкама належыць старшыню гэтай дзяржустановы. (Палажэнне зацверджана пастановай №645 ад 29.04.2010 г.)

Як паведамляла раней служба маніторынгу ГА “БАЖ”, раздзел «Недзяржаўныя СМІ» на сайце Барысаўскага райвыканкама ўтрымлівае звесткі толькі пра філію ТАА «Тэлекам-Гарант» (тэлекампанія «Скіф») і ТДА «Свет», а таксама пра друкаванае СМІ – газету «Гоман Барысаўшчыны».

Пра недзяржаўнае друкаванае выданне «Борисовские новости», якое мае цалкам афіцыйны статус і рэгістрацыю ў Міністэрстве інфармацыі, звесткі адсутнічаюць.



КОММЕНТАРИИ