«Я ўзгадала, што такое жыць ад заробку да заробку». Беларуска — пра пераезд i новае жыццё ў Кракаве

0

Дзяўчына пераехала за мяжу разам з мужам.

Ужо год Эмiлiя жыве разам з мужам i катом у Польшчы. Яны працуюць анлайн i здымаюць кватэру, за якую аддаюць палову заробку. Як адбываўся працэс рэлакацыі, чаго не хапае за мяжой i пра што марыць вэб-дызайнерка, дзяўчына распавяла EX-PRESS.BY.

Эмiлiя з мужам апошні год жыве ў Кракаве. Пераязджалі беларусы з Менску. Па словах гераiнi, калі пераехалі, быў уздым, асабліва гэтаму спрыяла адчуванне бяспекі.

Было жаданне ўладкавацца на новым месцы, знайсці сяброў, цікавыя заняткі, вывучаць Польшчу. Але напрацягу года настрой скокаў, былі часам і зусім дэпрэсіўныя перыяды, — прызнаецца дзяўчына.

«Я ўзгадала, што такое жыць ад заробку да заробку». Беларуска — пра пераезд i новае жыццё ў Кракаве

Калі прыехалі, наша гераiня не ведала польскую мову зусім, таму адчувала сябе няўпэўнена, ёй не надта хацелася адной выходзіць з дому, хадзіць у краму самой, яна зацягвала з наведваннем медычных устаноў.

— Зараз з гэтым прасцей, адчуваю сябе больш упэўнена. Калі трэба было вырашаць шмат спраў — легалізацыя, кватэра, праца, здароўе — не было сілаў увогуле, думалася толькі аб тым, хутчэй бы гэта ўсё скончылася.

Эмiлiя дадае, што зараз, калі з большага асноўныя моманты вырашаныя, з’явілася энэргія і на сябе.

«У Менску ў нас была кватэра, дзе трэба было аплочваць толькі камуналку, таму для гаманца гэта вельмі значныя замены»

Мы здымалі кватэру праз агентку-беларуску. Яна прапанавала тры варыянты, адзін з якіх зусім не падыходзіў нам. Заставалася два: маленечкая кватэрка ў цэнтры або вялікая кватэра падалей. Мы не глядзелі кватэры ўжывую, адразу паехалі засяляцца (канешне, у тую, што пабольш), але агентка перад гэтым зрабіла для нас анлайн-агляд праз тэлеграм, — распавядае дзяўчына.

— То бок мы засяліліся ў першую ж прапанаваную кватэру, асабліва не выбіраючы, бо пасля каранціна трэба было тэрмінова кудысьці пераязджаць. Кватэра аказалася не такой крутой, як мы разлічвалі, і нейкі час мы сур’ёзна думалі, што будзем хутка мяняць яе. Але так як мы заплацілі агентцы кошт рэнты за месяц плюс столькі ж каўцыю ўладальніку, мы бы не пацягнулі яшчэ раз паўтарыць такую авантуру ў хуткім часе. І вось год мы ўжо жывем тут.

«Я ўзгадала, што такое жыць ад заробку да заробку». Беларуска — пра пераезд i новае жыццё ў Кракаве

Мы плоцім за арэнду 1800 злотых (каля 450 даляраў) і чынш + медыя 800 злотых (каля 200 даляраў). За кватэру мы аддаем зараз палову заробку. У Менску ў нас была кватэра, дзе трэба было аплочваць толькі камуналку, таму для гаманца гэта вельмі значныя змены.

У нас кватэра ў бела-чырвоных колерах, магчыма, таму мы яе абралі.

«З беларускага ў нашай кватэры — наш кот. Ён нас вельмі цешыць»

У сям’i ёсць крыху беларускіх кніг, якія прывозілі сябры/сям’я па запыце, бо першапачаткова яны ехалі з дзвюмя валізамі, у адной з якіх змяшчаўся толькі стацыянарны кампутар мужа:

— Рэчаў мы ўзялі вельмі мала, але штосьці нам потым яшчэ давозілі, перадавалі. На сцяне вiсяць беларускія паштоўкі побач з фотаздымкамі сям’і і з вандровак. Сцягі, сімволіку мы ўжо набывалі тут, бо не рызыкавалі правозіць праз мяжу.

Для нас самае галоўнае было — узяць тэхніку, бо мы з мужам працуем з дому за кампутарамі, але маніторы дакупалі тут. Амаль усё для кватэры таксама набывалі тут, і ў першыя месяцы вельмі шмат грошаў было выдаткавана на тое, каб зрабіць з кватэры месца для жыцця і працы — не было ні працоўнага стала, ні крэслаў, не было посуду, люстэрка, фіранак, пральная машына была зламаная і гд. З беларускага ў нашай кватэры — наш кот. Ён нас вельмі цешыць.

«Я ўзгадала, што такое жыць ад заробку да заробку». Беларуска — пра пераезд i новае жыццё ў Кракаве

«Каб заставацца на тым жа ўзроўні жыцця, давялося падняць кошты і значна больш працаваць»

У Польшчы сям’я працу не шукала, было толькі пытанне з легалізацыяй і падаткамі, якое вырашылі праз бізнэс-інкубатар:

— Мы з мужам працягнулі займацца тым жа, чым займаліся ў Беларусі — мы фрылансеры-дызайнеры. Каб заставацца хаця б больш-менш на тым жа ўзроўні жыцця, давялося падняць кошты за сваю працу і значна больш працаваць.

«Я ўзгадала, што такое жыць ад заробку да заробку». Беларуска — пра пераезд i новае жыццё ў Кракаве

З-за вялікай колькасцi працы ў Эмiлii здарыўся зрыў, i яна не магла працаваць увогуле, таму зараз сям’я жыве цалкам на заробак мужа:

— Я толькі нядаўна зноў пачала браць замовы. Але, на жаль, за той час, што не працавала, згубіла шмат кліентаў і актыўнасць майго фрыланс-акаўнта значна знізілася, таму можна сказаць, што я зарабляю сабе на каву. Спрабавала знайсці працу ў Польшчы, але пытанне стала за мовай (і за польскай, і за ангельскай), таму зараз падцягваю мовы і працягваю шукаць замовы.

Па словах дзяўчыны, фрылансерам асаблівай розніцы няма, адкуль працаваць. У Беларусі яны плацілі меншы падатак, але ў Польшчы з’явіліся іншыя спосабы аплаты, напрыклад, PayPal, што вельмі зручна, калі працуеш з замежнікамі.

«Калі ведаць, дзе закупацца, можна даволі танна есці»

— Калі мы пераехалі, кошты на прадукты былі амаль такія самыя, як у Беларусі. Калі ведаць, дзе закупацца, можна было даволі танна есці. Цяпер кошты падняліся з-за вайны, але мяркую, у Беларусі зараз значна горш з прадуктамі і па наяўнасці, і па коштах.

Я была прыемна ўражаная, колькі веганскага можна знайсці у Польшчы па параўнанні з беларускімі крамамі і кавярнямі. І ў плане экалогіі таксама: шмат чаго можна набыць у свае пакункі (нават мяса). Хаця і тут здараюцца дзіўныя выпадкі. Аднойчы, напрыклад, адмовіліся прадаць хлеб у мой пакет.

«Я ўзгадала, што такое жыць ад заробку да заробку». Беларуска — пра пераезд i новае жыццё ў Кракаве

Эмiлiя падкрэслiвае, што рэальная розніца ў коштах iснуе на паслугі:

— Для прыкладу: калі мы пераехалі, розніца ў коштах на электраэпіляцыю была 1 бел. рубель да 1 еўра. Сфера прыгажосці, здароўя, адукацыі — усё ў некалькі разоў даражэй.

«Не заўжды прыналежнасць да адной нацыі робіць вас сябрамі»

Наша гераiня знайшла ў Кракаве творчы цэнтр, дзе збіраюцца беларусы, украінцы, расейцы, казахі:

— Першы час пасля пераезду вяла актыўнае сацыльнае жыццё, намагалася знайсці нейкія тусоўкі, месцы, сяброў. Потым быў дэпрэсіўны пераяд, калі месяцамі ўвогуле людзей не бачыла акрамя мужа. Зараз, як лета, то мы намагаемся пабольш часу бавіць на прыродзе. У асноўным нашае кола — гэта сябры, з якімі мы і ў Беларусі камунікавалі, але сувязі сталі яшчэ больш шчыльнымі.

«Я ўзгадала, што такое жыць ад заробку да заробку». Беларуска — пра пераезд i новае жыццё ў Кракаве

З-за таго, што вакол Кракава горы і ўвогуле шмат замкаў/паркаў/музеяў/славутасцяў, мы сталі больш выязджаць за горад, чым калі жылі ў Менску.

Ёсць чаты і каналы беларусаў, якія жывуць у Кракаве. Калі ехалі, меркавалі, што там будзем шукаць прыяцеляў, але ў выніку так ні да каго не прычапіліся. Не заўжды прыналежнасць да адной нацыі робіць вас сябрамі. На жаль, мы амаль не сустракалі беларускамоўных. Дыяспара даволі буйная, яны ладзяць мерапрыемтвы для беларусаў, дапамагаюць матэрыяльна (падрабязнасцяў не ведаю, бо мы не звярталіся), з лютага вельмі актыўна дапамагаюць ўкраінцам.

Некалькі разоў Эмiлiя з мужам злятала ў маленькія вандровачкі па Еўропе. Вельмі зручна, што ў Кракаў лятаюць лоўкосты Ryanair і Wizzair, можна сапраўды вельмі танна падарожнічаць:

— Па Польшчы мы або аўтобусамі/цягнікамі катаем, або на машыне з сябрамі. Сваёй машыны ў нас нама. Кожная вандроўка нам б’е па кішэнях, але адмовіцца цяжка, бо гэта адна з тых рэчаў, якія нас тут падтрымліваюць.

«Я ўзгадала, што такое жыць ад заробку да заробку. Але ў перспектыве, ўпэўнена, будзе лепш»

— На дадзены момант мы бы хацелі вярнуцца дадому, але не ведаю, што я скажу праз год, пяць гадоў ці дзесяць. Дзякуючы падтрымцы сям’і, нельга сказаць, што пераезд даўся нам вельмі цяжка, але ўсё роўна ўзровень жыцця пагоршыўся. Я ўзгадала, што такое жыць ад заробку да заробку. Але ў перспектыве, ўпэўнена, будзе лепш.

Дзяўчына прызнаецца, што зараз ёй вельмі цяжка ўжо ўзгадаць сваё жыццё ў Беларусі, хоць прайшоў усяго год, але па насычанасці і эмацыйных выдатках адчуванне, што прайшло значна больш:

Калі думаю пра будучыню сваёй сям’і, я прадумваю два сцэнары: у Беларусі і за мяжой. Пры гэтым ні адзін з гэтых сцэнараў мяне не задавальняе цалкам: хочацца ўзяць лепшае з абедзвюх краінаў. Канешне, калі мы размаўляем пра Новую Беларусь, то мы будзем намагацца выпраўляць сістэму, але гэта доўгія працэсы, а мне бы хацелася сваім дзецям даць гатовае і лепшае ўжо цяпер.

«Я ўзгадала, што такое жыць ад заробку да заробку». Беларуска — пра пераезд i новае жыццё ў Кракаве

У Польшчы я знайшла шмат цікавых рашэнняў і ідэй, якія можна было б рэалізаваць у Беларусі. А яшчэ ўбачыла, як рэчы, якія ў Беларусі толькі пачынаюцца і ў якія мала хто верыць і карыстаецца, могуць эфектыўна працаваць. Падабаецца, што яны збіраюць біё для выпрацоўкі газу, што на вагу набыць прадукты ў крамах танней, чым упакаваныя, што палацы і сядзібы адрэстаўраваныя і падрыхтаваныя для наведвання.

Упершыню менавіта ў Польшчы я ўбачыла, што музей можна зрабіць інтэрактыўным і настолькі цікавым, што будзе шкада сыходзіць. Канешне, і ў Польшчы ёсць свае недахопы, але я вельмі ўдзячна гэтай дзяржаве, што ў нас ёсць магчымасць тут жыць.

EX-PRESS.BY, фото предоставлено героиней

Источник: ex-press.by

Leave A Reply

Your email address will not be published.