Акторка з Жодзiна, якая нiколi не была за мяжой, пераехала ў Варшаву i зноў працуе ў тэатральнай студыі з беларускімі дзецьмі

0

Гiсторыя Наталлi Локiць, якую звольнілі з працы і двойчы затрымлівалi ў Беларусі.

Амаль усё сваё жыццё яна жыла ў Беларусі, у горадзе Жодзіна, і не марыла нікуды з’язджаць. Тут Наталля Локiць нарадзіла сваіх пяцёра дзяцей. А яшчэ адно яе стварэнне — дзіцячы ўзорны тэатр «Дар» — мог бы цяпер рыхтавацца да 20-гадовага юбілею. Але Наталлю звольнілі з працы пасля двух гучных затрыманняў. Першы раз яна стала фігуранткай лазневай справы. Другі раз яе схапілі падчас рэферэндуму.

Наталля расказала EX-PRESS.BY, як яна і яе дзеці зараз прырастаюцца ў Польшчы:

«Прывітанне, Польшча!»

— Я пераехала ў Польшчу ў канцы траўня 2022 года. Пераезд быў вымушаны: дзве адміністратыўкі, штрафы, звальненне з працы. Ды і ў галіне адукацыі пачаліся такія хібы (а ў мяне яшчэ двое дзяцей-школьнікаў), што пытанне з’язджаць ці не, адпала само па сабе.

Сэрца балела па састарэлай маці, але побач з ёй заставаўся мой брат. І – па велічэзнай колькасці дзяцей, якія былі выхаванцамі майго тэатральнага калектыву. Трэба дадаць у гэты спіс яшчэ іх бацькоў, і колькасць майго смутку можна павялічваць у двое, а можа і ў трое.

Справа ў тым, што я вельмі люблю сваю працу. Дзеці, прыходзячы ў мой калектыў, часцей за ўсё заставаліся на гады, а таму адносіны ў нас з імі асаблiвыя, вельмі цёплыя і шчырыя. Тое ж тычыцца і іх бацькоў. Таму ехала з тугой на сэрцы.

Акторка з Жодзiна, якая нiколi не была за мяжой, пераехала ў Варшаву i зноў працуе ў тэатральнай студыі з беларускімі дзецьмі

«Я свабодна дыхаю, хоць мне сумна, што не на радзіме», — кажа Наталля.

Перасякала мяжу з вялікім хваляваннем, бо маю справу ўжо перадалі ў аддзел выканання пакаранняў, і магчымасць таго, што цябе наўпрост не выпусцяць з краіны, была вельмі верагоднай. Але, дзякуй Богу, усё абышлося.

Мяжу перасеклі і — прывітанне, Польшча! Трэба пэўна адзначыць, што за свае 53 гады я ніколі не была за мяжой. Не было фінансавай магчымасці. І вось — та-дам!

Акторка з Жодзiна, якая нiколi не была за мяжой, пераехала ў Варшаву i зноў працуе ў тэатральнай студыі з беларускімі дзецьмі

Неабходна падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме, асабліва калі для гэтага ёсць усе магчымасці.

Замежныя пейзажы за вакном аўтобуса ўражвалі сваёй чысцінёй і зграбнасцю, а канцавы прыпынак зрынуў у шок сваёй непрывабнасцю. Потым дазналася, што аўтавакзал Заходні рыхтуецца да рэканструкцыі і ў хуткім часе стане цукерачкай на мапе Варшавы.

«Як доядэ»

Такім чынам, я ў Варшаве! Сталіца! У сталіцы Беларусі бывала не часта, а тут прыйдзецца жыць. Уразіла і збянтэжыла. На пачатку трэба было кудысьці прытуліць галаву. Дзякуй Богу, не, у даным выпадку — «дзякуй лукашэнку» — у Варшаве шмат жодзінцаў, якія на першы выпадак далі прытулак майму стомленаму дарогай целу і ўзрушанай галаве.

Акторка з Жодзiна, якая нiколi не была за мяжой, пераехала ў Варшаву i зноў працуе ў тэатральнай студыі з беларускімі дзецьмі

Разабрацца ў грамадскім транспарце Варшавы лёгка, спачатку толькі перашкаджае моўны бар’ер.

Дзякуючы ім і маім старэйшым дачушкам, якія раней перабраліся ў Польшчу і ўжо даволі добра авалодалі мовай, мы, перш наперш, зрабілі мне праязны квіток, бо кошт праезду ў гарадскім транспарце даволі высокі. Потым у банку аформілі рахунак і замовілі картку, а пакуль чакалі картку, скачалі на тэлефон прыладу БЛІК, што дазволіла мне паўсюль разлічвацца пры дапамозе тэлефону. Між іншым вельмі зручная рэч, калі ты забыў недзе картку ці гаманец.

Яшчэ адной з першасных тэлефонных прылад з’явілася прылада «Як доядэ», якая выбудоўвае твой транспартны маршрут па сталіцы ў адпаведнасці твайго месца знаходжання і часу.

Наконт транспартнай лагістыкі Варшавы — асобная тэма! Уявіце — аўтобусы тут амаль не спазняюцца, а калі гэта атрымліваецца, то «Як доядэ» абавязкова пра гэта папярэдзіць. Плюс — транспарт аздоблены кліматызацыяй, невялічкімі урнамі, сістэмай падзарадкі мабільных тэлефонаў, месцамі для інвалідных і дзіцячых вазкоў і кнопкамі для асабістага выхаду на патрэбным прыпынку. А наступны прыпынак не толькі можна пачуць, а і ўбачыць на электронным табло.

Акторка з Жодзiна, якая нiколi не была за мяжой, пераехала ў Варшаву i зноў працуе ў тэатральнай студыі з беларускімі дзецьмі

«Люблю вандраваць па горадзе і пазнаваць новыя мясціны ў новай краіне», — кажа Наталля.

Яшчэ маё захапленне — адносіны да людзей на інвалідных вазках. Для іх прадугледжана спецыяльная кнопка для адкрыцця дзвярэй і кіроўца аўтобуса заўсёды выходзіць, каб апусціць пандус для вазочніка і потым дапамагчы яму выехаць. Квіткі на праезд можна набыць не толькі напрыпынку, але і непасрэдна ў транспарце ў залежнасці ад часу паездкі.

Наконт жытла — усё значна складаней. Пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны ў Польшчу прыехала шмат украінцаў, усім неабходна дзесьці жыць. Таму, па–першае, арандаваць жытло гэта — каштоўна. Мне была патрэбна вялікая кватэра, а гэта 600-1000 і болей даляраў. Па-другое, кватэру складана знайсці, не валодаючы мовай і не адклікнуўшыся на ўбачаную аб’яву цягам 5 хвілін. Тут спатрэбілася дапамога сяброў з доўгатэрміновым польскім досведам. У канцы канцоў, жытло знялі, дзякуючы сябрам.

Акторка з Жодзiна, якая нiколi не была за мяжой, пераехала ў Варшаву i зноў працуе ў тэатральнай студыі з беларускімі дзецьмі

Наталля чытае беларускія кнігі і мроіць развіваць родную культуру.

Яшчэ адно маё захапленне — інфраструктура спальных раёнаў. Гэта вялікая колькасць зялёных насаджэнняў, крокавая даступнасць прыпынкаў, крамаў, школ, дзіцячых садкоў, пляцовак для заняткаў спортам з вулічнымі трэнажорамі, гандлёвых і забаўляльных цэнтраў. Чысціня ідагледжанасць двароў і… велічэзная колькасць сабачак на павадочках уражвае. Прынамсі, бадзяжных сабак, як і катоў, я тут не бачыла.

«Рухацца насустрач новай Беларусі!»

Трэба пэўна некалькі словаў сказаць пра міжнародную ахову, на якую я падалася амаль адразу па прыездзе. Фінансавая дапамога ў памеры 750 злотых штомесячна, бескаштоўна медычнае абслугоўванне на перыяд афармлення часовага побыту, якое доўжыцца ад 3 да 6 месяцаў і яшчэ розныя плюшкі ў выглядзе сацыяльнай адаптацыі.

Прынамсі, калі да мяне прыехалі мае непаўналетнія дзеці, я змагла далучыць іх да сваёй аховы і зараз сума нашых выплат складае 1350 злотых. Далучым сюды так званыя «500+» і «300+», якія атрымлівае кожная сям’я на непаўналетніх дзяцей: 300 — раз на год (падрыхтоўка дзяцей да школы) і па 500 штомесячна на кожнага з дзяцей. Смешна, што мы свае «папяцсот» атрымалі ў другой краіне.

Акторка з Жодзiна, якая нiколi не была за мяжой, пераехала ў Варшаву i зноў працуе ў тэатральнай студыі з беларускімі дзецьмі

Школа ў дзяцей — як у кіно. Яна велізарная і сучасная, у ёй усё кампутарызавана, у дзяцей шмат заняткаў спортам, матэматыкай і акрамя польскай — ангельская і гішпанская.

Маі дзеці прыехалі да мяне на месяц пазней. Вельмі хутка мы іх уладкавалі ў школу, якая знаходзіцца ў трох хвілінах хады ад нашага дому. Школа зусім новая, была адчынена і гэтым годзе. Так што новенькімі ў класах з’яўляюцца ўсе. Колькасць дзяцей у класах — 22-27 чалавек, сярод якіх украінцаў і беларусаў ад 3 да 7 чалавек. Дыскрымінацыі па нацыянальных прыкметах мы не адчуваем. Дзеці ў першыя дні пасябравалі з аднакласнікамі і адразу пачалі атрымліваць ад іх моўную дапамогу. Гэта вельмі кранальна.

Акторка з Жодзiна, якая нiколi не была за мяжой, пераехала ў Варшаву i зноў працуе ў тэатральнай студыі з беларускімі дзецьмі

Рыхтаваць хатняе заданне па польскай і нават па матэматыцы з сынам вельмі цікава.

Трэба адзначыць, што якасць, колькасць і кошт прадуктаў і адзення ў Польшчы ўражваюць. Гэта ўсё вельмі танна і якасна. Таму накарміць і апрануць дзяцей і сябе не ўяўляе перашкод. Крыху даражэй будуць каштаваць забавы ў выглядзе выставаў, музеяў і г.д.. Але, калі дзіця атрымлівае легітымацыю ў школе, гэта вельмі палягчае расходы, бо кошт квіткоў значна паніжаецца, а праезд у транспарце становіцца бясплатным.

Галоўнай цяжкасцю для мяне ў Польшчы стала мова і праца. Вельмі хочацца асвоіць мову, як мага хутчэй, бо гэта стасункі, свабода і шлях да працы. Але пакуль гаварыць на ёй вельмі складана, хаця за 3 месяцы, што я знаходжуся тут, пачала разумець і нешта нескладанае даносіць да суразмоўцы.

Акторка з Жодзiна, якая нiколi не была за мяжой, пераехала ў Варшаву i зноў працуе ў тэатральнай студыі з беларускімі дзецьмі

Проста праводзіць час разам з дзецьмі — гэта вельмі прыемна, асабліва ў выходны дзень.

Зараз хаджу на курсы польскай мовы і вельмі ўдзячна нашым беларускім арганізацыям, якія дапамагаюць нам уладкоўвацца ў даволі няпростых умовах эмігранцкага жыцця.

Пра працу. Мая прафесія даволі залежная — ад дзяцей, іх колькасці, ад бацькоў, іх зацікаўленасці, памяшкання — яно павінна быць даволі прасторным. Дзякуючы кіраўніку тэатра «Купалінка», усё гэта атрымалася. Мы працуем і чакаем да сябе маленькіх і дарослых беларусаў.

Наш творчы калектыў пакрысе расце. Да нас далучаюцца дарослыя, падлеткі і дзеці ад 7 гадоў. На занятках звычайна шумна і весела, бо выкладанне акцёрскага майстэрства вядзецца праз гульню. Наперадзе пастановы па творах беларускіх пісьменнікаў, падрыхтоўка да каляд і шмат чаго цікавага. Раскрываць усе сакрэты не буду. Хай інтрыга застаецца. На прыканцы года паглядзім, што атрымалася.

Усе гэта цікава — не шкадуючы ног і не губляючы трываласці і жадання зрабіць насамрэч нешта карыснае і неабходнае для будучыні маёй краіны. З беларускімі дзецьмі і падлеткамі мы мусім развіваць родную беларускую мову, любіць яе, валодаць. І ганарыцца самай мілагучнай мовай у свеце. Праз кнігі, спевы, гульні, святы, праз нашы будучыя спектаклі — рухацца насустрач новай Беларусі! Не нямой, а жывой і спеўнай, моцнай і свабоднай!

Жыве Беларусь і будзе жыць вечна!

EX-PRESS.BY

Источник: ex-press.by

Leave A Reply

Your email address will not be published.