Учора на пляцоўцы крэатыўнага кластару ME100 адбылася прэзентацыя-дыскусія на тэму “Барысаў: кашмары і надзеі беларускага Манчэстэра”. На сустрэчы абмяркоўвалася новае даследванне рэгіянальнай экспертнай групы на тэму якасці гарадскога асяроддзя нашага горада “Барысаў: горад і людзі сёння і заўтра”.

 

Публікацыю прадставілі Сяргей Салаш, адзін з гарадскіх грамадскіх лідэраў, і эксперт па праблемах рэгіянальнага развіцця Зміцер Бабіцкі (усе – ГІ “За чысты Барысаў!”). Апаніравала, а фактычна дапоўніла і ацаніла са станоўчага боку прэзентацыю Паліна Генрыхаўна Вардаванян, начальнік аддзела населеных пунктаў і жылога асяроддзя БелНДІП горадабудаўніцтва, якая шмат працавала з Барысавам , у тым ліку і па пытаннях ацэнкі якасці гарадскога асяроддзя нашага горада.

Менавіта ёй належаць трапныя выслоўі аб тым, што “Барысаў – гэта кангламерацыя вёсак, слаба звязаных паміж сабой” і аб тым, што “Барысаў – гэта містычнае месца, над якім абавязкова павінны праліцца залаты дождж”, з чым аўтары даследвання не маглі не пагадзіцца.

Беларускі архітэктар, выкладчык кафедры “Горадабудаўніцтва” БНТУ Міхаіл Сцяпура параўнаў даследванне Барысава і рэальнага Манчэстэра, надаўшы сваёй прэзентацыі таксама правакацыйную назву – “Манчэстэр: яскравая рэчаіснасць англійскага Барысава”, распавёўшы пра новыя праекты ў стварэнні прыязнага для чалавека гарадскога асяроддзя.

Больш чым трохгадзінная дыскусія па Барысаву зацягнулася да позняга вечара і была настолькі захапляльнай і змястоўнай, што некаторыя ўдзельнікі нават не паспелі пашкадаваць, што часу на вывучэнне вопыту англійскага Манчэстэра было ўжо зусім няшмат.



КОММЕНТАРИИ