Невядома, чым кіраваўся вельмі прадстаўнічы “вертыкальны” дэсант з Барысаўскага райвыканкама, калі вырашыў прыняць удзел у абмеркаванні найбольш вострых сучасных праблем Печаў на тэрыторыі былога ваеннага гарадка. У любым выпадку мясцовай уладзе неабходна было хоць неяк публічна адрэагаваць на пратэстныя настроі жыхароў, сярод якіх былі сабраныя каля 800 подпісаў пад калектыўнымі зваротамі.

Гледзячы па тым, як падрыхтаваўся Барысаўскі райвыканкам да сустэчы з пячанцамі, у чыноўнікаў былі два асноўныя спадзяванні. Па-першае, надзея на тое, што на публічнае мерапрыемства прыйдзе мізерная колькасць людзей. Гэта падцвярджае вельмі малая колькасць абвестак у цяжкадаступных месцах з вельмі абцякальным тэкстам. Па-другое, напэўна, было спадзяванне на тое, што народны пратэст можна будзе прыгасіць наяўнасцю вялікай колькасці “аўтарытэтаў”. Якіх было, на дзіва, нямала.

За сталом знайшлі сабе месца два намеснікі старшыні Барысаўскага райвыканкама, начальнік 72 АВЦ, а таксама старшыня Барысаўскага раённага савета дэпутатаў Пётр Навіцкі, які спрабаваў весці рэй на мерапрыемтве. У першых шэрагах адседжавалася кіраўніца ідэалагічнага аддзела райвыканкама Людміла Гарнак, час ад часу нешта занатоўваючы, а таксама загадчыца сектара архітэктуры аддзела архітэктуры і будаўніцтва Барысаўскага райвыканкама Алена Супрановіч, цэлы шэраг іншых спецыялістаў і начальніца ЖЭУ №7, якой мясцовая ўлада адвяла ролю першай прымаць удар незадаволеных пячанцаў.

Трэба адзначыць, што спадзяванні мясцовых “вертыкальшчыкаў” не спраўдзіліся. На сустрэчу прыйшло не менш за 120 чалавек, а магло б быць і непараўнальна болей, калі б пра факт сустрэчы даведаліся ўсе Печы. І нават такая вялікая колькасць удзельнікаў – гэта плён актыўнасці мясцовых неабыякавых жыхароў, якія ўвечары ўласнымі сіламі на некаторых пад’ездах расклеілі запрашэнні з заклікам прыйсці на мерапрыемства.

Не атрымалася ў чыноўнікаў “задавіць” народны пратэст і вялікай колькасцю прадстаўленых “аўтарытэтаў”. Выступоўцы ад Барысаўскага райвыканкама былі настолькі непераканаўчымі, што часта выклікалі незадаволены ропат з глыбіні шэрагаў. Некаторыя найбольш актыўныя ўдзельнікі з месцаў парываліся да мікрафонаў і па-просту спынялі бессэнсоўныя апраўданні афіцыйных выступоўцаў, тым самым зрываючы апладысменты людзей.

Напружанне ўзрастала асабліва ў тыя моманты, калі чыноўнікі з упартасцю гнулі сваю лінію, не звяртаючы ўвагі на патрабаванні людзей. А патрабаванняў было нават больш, чым прагучала ў ранейшых калектыўных зваротах.

Адзінагалосна пячанцы выказаліся за наданне цэнтральнай вуліцы Сярэбранікава статуса пешаходнай зоны і за захаванне соснаў у цэнтры гарадка, а таксама гучала вельмі шмат нараканняў і на цэлы шэраг іншых нявырашаных праблем. Напрыклад, па медыцынскім абслугоўванні жыхароў гарадка, адсутнасці дзіцячых пляцовак і аўтамабільных парковак у жылых дварах, па несвоечасоваму вывазу смецця з дваровых звалак. Зрэшты, варта адзначыць, што напярэдадні народнага сходу ўсе пячанскія звалкінейкім дзіўным чынам былі ачышчаныя.

Намеснік старшыні Барысаўскага райвыканама Віктар Пазняк у сваім выступе не раз спрабаваў перакінуць праблемы з хворай галавы на здаровую, час ад часу абвінавачваючы прысутных людзей у тым, што бардак і смецце на вуліцах гэта і іх рук справа. Гэтым, на жаль, крыху грашыў і начальнік 72 АВЦ генерал-маёр Валерый Гнілазуб. Аднак, трэба прызнаць, яго выступленне больш-менш прыйшлося даспадобы значанай частцы ўдзельнікаў народнага сходу. Вайсковец за словам у кішэню не лез і вельмі зычным, армейскім голасам прызнаў наяўнасць большасці пячанскіх праблем, паабяцаўшы шлагбаўмамі перакрыць пад’езды да пешаходнай часткі вуліцы Сярэбранікава, засадзіць дрэвамі тэрыторыю ўжо разваленага спартыўнага гарадка на т.зв. “інжынерцы”, крыху падфарбаваць манумент “Зорка” на ўездзе ў Печы. Зрэшты, Валерый Гнілазуб цалкам справядліва прызнаўся, што акультурваць Печы сіламі салдат няправільна – салдаты павінны вучыцца, а не прыбіраць за жыхарамі.

На вялікі жаль, рэзюмэ з праведзенага народнага сходу можна зрабіць пакуль не вельмі суцяшальнае. Чыноўнікі ўсяго толькі зрабілі выгляд, што цярпліва выслухалі патрабаванні людзей, але відавочна вырашылі застацца на сваім. Што гэта азначае для Печаў? Гэта азначае, што спыняць барацьбу за гарадок нельга – мясцовую “вертыкаль”, прынамсі, трэба навучыць слухаць людзей, а, пачуўшы, дзейнічаць так, каб у будучым не выклікаць народных пратэстаў.

На сустрэчы прагучалі і дзве вельмі важныя прапановы з месцаў, якія не былі публічна адрынутыя прадстаўнікамі Барысаўскага райвыканкама і райсавета – гэта правядзенне штомесячных сустрэч з жыхарамі гарадка, а таксама ставарэнне народнага Камітэту мясцовага самакіравання. Час пакажа, якая з гэтых ініцыятыў увасобіцца ў жыццё.

***

Барысаўскім чыноўнікам на сходзе было не вельмі ўтульна. Фактычна сходам кіравалі людзі з месцаў:

Страсці зашкальвалі, але чамусьці зусім не закраналі палкоўніка Сяргея Карпіевіча, намесніка начальніка 72 АВЦ па ідэалагічнай рабоце, які большую частку сходу па-просту спаў альбо рабіў выгляд, што яму не вельмі цікава тое, што адбываецца навокал:

Гэтая заля магла быць перапоўненая, калі б Барысаўскі райвыканкам сапраўды гэтага хацеў. Аднак і тых 100-120 чалавек было больш, чым дастаткова, каб чыноўнікі пераканаліся – у Печах усё вельмі сур’ёзна:

Начальніцу ЖЭУ №7 некаторыя ўдзельнікі сходу нават пашкадавалі – занадта шмат крытыкі прагучала на адрас яе структуры:

Людзі пастаянна ўставалі з месцаў, каб выказаць свае набалелыя крыўды:

Загадчыца сектара архітэктуры аддзела архітэктуры і будаўніцтва Барысаўскага райвыканкама Алена Супрановіч выглядала вельмі няўпэўнена, зусім не так як ва ўласным кабінеце:

Алена Супрановіч збівалася і блыталася, даводзячы, што піцэрыя ў Пячах будуецца законна, пакуль цярпенне ў людзей не лопнула. Слова ўзяў мясцовы жыхар Аляксандр Клімянкоў, адзін з ініцыятараў першага калектыўнага звароту, які аргументавана даказаў, што будаўніцтва пачалося з парушэннем заканадаўства:

Аляксандру Клімянкову, таксама як і амаль усім іншым выступоўцам з месцаў, людзі актыўна апладзіравалі:

На дапамогу загадчыцы сектара архітэктуры Алене Супрановіч выйшаў адзін са спецыялістаў аддзела архітэктуры і будаўніцтва Барысаўскага райвыканкама. Ён не змог даць неадкладны адказ на пытанне з залы, каму канкрэтна належыць ТАА “Надзея” – фірма, якая будуе піцэрыю, надоўга закешкаўшыся ў паперах:

На гэты раз цярпенне лопнула ў Алега Мацкевіча, жыхара Печаў, правабаронцы, юрыста, аднаго з ініцыятараў другога калектыўнага зварота. Ён вельмі выразна, у простай і зразумелай форме патлумачыў, што піцэрыя сапраўды будуецца з парушэннем заканадаўства: “Спачатку павінна быць грамадскае абмеркванне праекта, а затым ужо будаўніцтва.  А так атрымліваецца, вы пусцілі воз паперадзе каня…”:

Жыхарка Печаў Анастасія Механікава сканцэнтравала ўвагу ў сваім эмацыйным выступленні на праблеме засмечанасці Печаў:

Хапала ў народных выступленнях і актыўнай жэстыкуляцыі:

Гэтая жыхарка Печаў выказала сваю занепакоенасць экалагічнымі праблемамі гарадка, а менавіта небяспекай, якая сыходзіць ад прадпрыемства па вытворчасці вокнаў ПВХ, якое знаходзіцца ў непасрэднай блізіні ад жылых дамоў у раёне мясцовай лазні:

Начальніца ідэалагічнага аддзела Барысаўскага райвыканкама Людміла Гарнак старанна хавала свой твар ад фотааб’ектыва. Гэтая чыноўніца не любіць, калі яе фатаграфуюць:

А вось гэты жыхар Печаў прапанаваў стварыць Камітэт грамадскага самакіравання гарадка:

Трэба аддаць належнае намесніку старшыні Барысаўскага райвыканкама Віктару Пазняку. Суцяшаць публіку ён умее, але эфект ад яго суцяшэнняў ніякі – жыхары Печаў засталіся пры сваім:

Палкоўнік-ідэолаг Сяргей Карпіевіч ніяк не мог выбраць сабе зручнае месца для сна:

Ізноў актыўная жэстыкуляцыя:

Маладая жыхарка Печаў выказваецца за наданне статусу пешаходнай зоны цэнтральнай частцы вуліцы Сярэбранікава. Жанчына перажывае за дзяцей:

Яе вельмі горача падтрымалі іншыя жанчыны:

Абмяркоўваюцца праблемы пячанскай амбулаторыі. Гэтых праблемаў вельмі шмат:

Генарал-маёр Гнілазуб зачараваў публіку. Старэйшае пакаленне пячанцаў вельмі сумуе па былых часах, калі ў гарадку ўсе пытанні вырашалі камдывы. Ці здолее камдыў Гнілазуб узяць усю адказнасць на сябе пакажа час, але, відавочна, яму як вайскоўцу не да камунальных праблемаў – у яго кампетэнцыі знаходзіцца зусім іншая сфера пытанняў:

Дзесяць гадоў мінула ўжо з 2003 года, калі ў гэтай залі закіпалі не меншыя страсці. Узімку таго года людзі мерзлі ў сваіх кватэрах і гатовыя былі пайсці на рашучыя дзеянні. Адным з такіх дзеянняў стала масавае галасаванне на мясцовых выбарах супраць кандыдата ў дэпутаты Захарчанкі, былога камдыва:

Людзі з сваімі рознымі думкамі і ўражаннямі разыходзяцца. Дрэнна адрэжысэраваны мясцовымі чыноўнікамі спектакль скончыўся:

Аднак частка пячанцаў усё ж працягвала высвятляць адносіны з мясцовымі “вертыкальшчыкамі”. Справа – галоўны барысаўскі ідэолаг Людміла Гарнак:

Генерал-маёр Гнілазуб тлумачыць жыхарцы Печаў Таццяне Кальмінай, адной з лідэраў мясцовай грамадскай думкі, небяспекі, якія хаваюцца ў мануменце “Зорка”, размешчаным на ўездзе ў гарадок:



КОММЕНТАРИИ