Сярэднестатычны беларускі чыноўнік высокага рангу — мужчына, якому зусім трохі засталося да 55 гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы, прыехаў у сталіцу, скончыў БДУ, палітэх ці БДЭУ, падняўся па кар’ернай лесвіцы… «Мае жонку і дваіх дзяцей» — на такой аптымістычнай ноце сканчваецца большасць біяграфій чыноўнікаў.

У адрозненне ад Захаду, у беларускай палітычнай культуры не прынята выстаўляць сям’ю на агульны агляд. Аднак час ідзе, прадстаўнікі «пакалення next» пачынаюць рабіць сваю кар’еру — камусьці ў гэтым дапамагаюць бацькі, нехта ўсяго дасягае сам. Маладзейшыя дзеці чыноўнікаў і грамадскіх дзеячаў тым часам не цураюцца рэгістравацца ў сацыяльных сетках ды публікаваць свае здымкі, нават інтымнага плана.

«Наша Ніва» даведалася, чым займаюцца дзеці некаторых уплывовых беларусаў. Журналісты звярнулі ўвагу на тых, хто прысутнічае ў грамадскім жыцці краіны ці актыўнічае ў сацыяльных сетках.

Наш сайт вылучыў з прапанаванага «Нашай нівай» дзяцей тых чыноўнікаў, які так ці інакш звязаныя з Барысавам – сына Леаніда Козіка і дзяцей Анатоля Капскага.

Андрэй Козік

Леанід Козік вось ужо адзінаццаты год узначальвае афіцыйную федэрацыю прафсаюзаў. Ягоны сын Андрэй тым часам працуе першым прарэктарам прафсаюзнага ўніверсітэта МІТСО. Аднак пісаць пра якую¬кольвек сувязь гэтых фактаў небяспечна. Некалькі гадоў таму Андрэй Козік судзіўся з сайтам Аб’яднанай грамадзянскай партыі за артыкул «Сям’я робіць бізнэс».

Козік­малодшы скончыў Акадэмію кіравання, пасля чаго заняўся юрыдычнай практыкай. Ён працаваў у якасці эксперта ў складзе афіцыйных дэлегацый Беларусі ў іншых краінах свету. Калі дзяржава звярнулася ў суд ЕўрАзЭС з пазовам да Расіі, выпрацоўваць юрыдычную пазіцыю паклікалі менавіта Козіка.

Ён жа быў заснавальнікам юрыдычнай кампаніі «АргументЪ», якая, сярод іншага, займаецца суправаджэннем інвестыцыйных праектаў у Беларусі.

Алеся Капская

Дырэктар завода БАТЭ і аднайменнага футбольнага клуба Анатоль Капскі адправіў дачку вучыцца ў Ліверпуль. У 2011 Алеся атрымала ступень магістра бізнэс­адміністравання са спецыялізацыяй у футбольнай індустрыі. А за год да таго скончыла БДУ па спецыяльнасці «юрыст-міжнароднік». Цяпер Алеся Капская — намеснік начальніка дэпартамента развіцця ў татавым клубе.

А сын Андрэй, згодна з анкетай, вывучае менеджмент у БДУ.

 

Аддзел інфармацыі barysau.by



КОММЕНТАРИИ