Людміла Сухенка можа вярнуць беларускую мову над «Домом торговли»

Гэтае рашэнне залежыць выключна ад яе. Прынамсі, аб гэтым яна паведаміла юрысту, праваабаронцу Алегу Мацкевічу, аднаму з ініцыятараў вяртання беларускамоўнай шыльды над гандлёвым цэнтрам. Учора ён перадаў дырэктарцы першыя сто подпісаў, сабраныя ім пад адпаведнай электроннай петыцыяй.

Сустрэча ў кабінеце ў Людмілы Васільеўны прайшла ў вельмі прыязным, пазітыўным ключы. Тым больш прыемна, што справа па вяртанні роднай мовы над «Домам гандлю» і сапраўды знаходзіцца на яе кантролі. Разам з тым спадарыня Сухенка канстатавала, што вырашыць гэтую праблему немагчыма цягам бліжэйшых дзён, а варта пачакаць студзеня 2014 года, наракаючы пры гэтым на не вельмі добры фінансавы стан прадпрыемства. Калі, канешне, не ўмяшаюцца яшчэ і непрадбачаныя абставіны, пра якія яна распавесці па нейкіх прычынах не змагла.

У любым выпадку Людміла Васільеўна пакінула ўражанне асобы шчыра зацікаўленай і добразычлівай. Зрэшты, цяпер застаецца толькі  спадзявацца, што гэта не проста ўражанне.

Прыёмная дырэктара «Дома гандлю» знаходзіцца на трэцім паверсе

Да Людмілы Васільеўны Сухенка можна патрапіць на прыём па серадах з 14.00 да 17.30. Праваабаронцу Алега Мацкевіча яна прыняла ў панядзелак. Магчыма, як выключэнне

Барысаўскі «Дом гандлю» мае вялікую колькасць ганаровых дыпломаў

Алег Мацкевіч рыхтуецца да размовы з Людмілай Сухенка, у кабінеце якой на сцяне вісіць партрэт яшчэ даволі маладога Аляксандра Лукашэнкі

Перакідны каляндар ад газеты «Наша ніва» на паліцы ў прыёмнай «Дома гандлю». «Наша ніва» – гэта першая беларускамоўная газета ў нашай краіне, якая пачала выдавацца ў самым пачатку ХХ ст. Сённяшняя рэдакцыя выдання працягвае яе традыцыі. Будзем лічыць гэта добрым знакам для вырашэння праблемы з мовай галоўнай шыльды знакамітага барысаўскага гандлёвага цэнтра

Последние новости в Борисове