Барысаўчанка падзялілася ўражаннямі ад рэстарана “Мегаполіс” (+ 2 здымкі)
Рэстаран “Мегаполіс”, былы рэстаран “Спатканне”… Як кажуць, не ведала куды ішла, хаця магла здагадацца. Адна толькі сюррэалістычная назва для правінцыйнага Барысава павінна была насцярожыць, але не насцярожыла. І дарма – вярнулася дамоў з букетам непрыемных уражанняў у думках і з букетам з папяровай абраткі, якой была “упрыгожана” адна з абраных мною страваў.
“Мегаполіс” – гэта камунальнае ўнітарнае прадпрыемства, якое належыць да барысаўскага манапаліста, прыдзяржаўнай гандлёвай сеткі – ААТ “Веста”. Не ведаю, што было тут у часы рэстарана “Спатканнне”, але магу меркаваць, што эскалопы і салаты “Папараць-кветка” засталіся тыя самыя.
Гэты, так бы мовіць, рэстаран я наведала з сяброўкамі, якія вельмі хацелі хаця б на вечар забыцца на свае хатнія і настаўніцкія клопаты. Сяброўкі, спадзяюся, забыліся, а я – не
АДМІНІСТРАТАРКА
Першае што непрыемна зачапіла адразу – на ўваходзе ў т.зв. банкетны зал за сталом сур’ёзнага выгляду адміністратарка. Навошта яна тут? Каго сцеражэ? Таго, хто можа збегчы, не заплаціўшы? Гэта значыць яна сядзіць тут, каб і мяне свідраваць вачыма, калі я, напрыклад, захачу выйсці ў фае адпачыць ад аглушальнай музыкі? Чаму не пасміхаецца новым кліентам?
УНІФОРМА
Нешта я не зразумела, ува што афіцыянткі апранутыя. Дзе іх карпаратыўная ўніформа? Кожны апрануты так як лічыць патрэбным? Нехта ў спадніцы, а нехта ў штанах… У бармэна, наогул, свой асобны стыль – чырвоная ці то куртка без рукавоў, ці то камізэлька.
СТАЛОВЫЯ ПРЫБОРЫ
Цалкам нерэстараннага выгляду. Дома – добра, у вёсцы накалваць бульбу з кропам – добра, але ж не ў рэстаране! Я плачу грошы не толькі за тое, каб паесці (паесці я магу і дома), але і за тое, каб атрымаць нейкае новае, нештодзённае эстэтычнае задавальненне. І чаму я павінна есці ўсе стравы адным відэльцам і нажом? Няўжо я павінна аблізаць нож перад наступнай стравай ці абціраць яго сурвэткай з усіх бакоў? “Прыборы вам яшчэ спатрэбяцца”, – сказала афіцыянтка і паклала іх абратна на стол.
ШАМПАНСКАЕ
Дзе дзеўкі – там шампанскае Замовілі шампанскае і мы. На бутэльцы прыклеена белая паперка з надпісам “КУП “Веста” Мегаполис”. Навошта? Баяцца, што ў дамскай сумачцы мы прынясем другую бутэльку з сабой і выставім на стол? Ці баяцца, што пустую бутэльку вынесем з рэстарана? Што гэта?
СТРАВЫ
Нічога незвычайнага замовіць немагчыма. У меню – шэры набор заштатнай кулінарыі – ад кілбасак “Гусарскіх” да баклажанаў фаршыраваных. Давялося ўзяць нешта гарачае ў какотніцах, салаты і хек пад нейкай заліўкай (які сэнс у такім рэстаране пераплачваць за “ласося”?). Але самае цікавае нават не меню, а тое як хутка ўсё падносіцца кілентам, нават і чакаць не трэба – падносіцца тады, калі пажадаеш. У мікрахвалёўках разаграваюць гэтыя катлеты “Нясвіж”ці што, падкінуўшы з бліжэйшай кулінарыі?
ДЭСЕРТЫ
Па-мойму, у сталоўцы можна з’есці тое самае, што і ў “Мегаполісе”. З дэсертаў толькі “сливочно-растительное”марожанае з шакаладнай крошкай і іншай пасыпкай, кава толькі распушчальная (!), але з якой паэтычнай назвай “Глясэ”. Толькі піць такое брыдка…
УПРЫГОЖВАННІ
На ручку какотніцы з, так бы мовіць, гарачым было насаджанае папяровае хэнд-мэйд упрыгожанне, зробленае з абраткі таварна-транспартнай накладной ААТ “Веста-Барысаў” маг.№3 “Домашний”. Смешна? Затое эканомна – год беражлівасці толькі пачаўся… Але ж, даруйце, эканомце дзе-небудзь у іншым месцы – хто гэтую абратку “лапаў” да таго, як яна трапіла на ручку какотніцы, дзе яна валялася – у якіх папяровых стосах? Наогул, у якіх кулінарных савецкіх кнігах барысаўскія рэстаратары знайшлі такую “выдатную” ідэю псаваць знешні выгляд і без таго дзіўнаватых страваў?
Уласна, вось яно – гэтае папяровае ўпрыгожванне. Забрала дамоў – адміністратарка не заўважыла
МУЗЫКА
Гарлала на ўсю іванаўскую. Паразмаўляць за столікам з сяброўкамі было нерэальна – даводзілася напінаць галасавыя звязкі і жылы на шыі. У іншым выпадку трэба было выходзіць у фае пад пільны нагляд адміністратаркі. У нейкі момант я нават не зразумела, дзе апынулася, ці то ў начным клубе ці то ў рэстаране. “А я стояла вся в розовом свитере А ты спросил меня есть ли я в твиттере”, “О Боже, какой мужчина, я хочу от тебя сына. И я хочу от тебя дочку, и точка, и точка!” – музычны рэпертуар у “Мегаполісе” ашаламляльны.
ТАНЦЫ
Я адназначна старамодная, вярцець клубамі не ўмею, прынамсі так, як вярцелі клубамі падвыпіўшыя наведніцы з наведнікамі. Усе шчалівыя, усе задаволеныя, усе ва ўгары! На “Гэнгнэм стайле” дах пачало зрываць усім, але я ўжо збіралася дамоў…
РАХУНАК
Рахунак прынеслі тады, калі нашае “засяданне” было яшчэ ў самым разгары. Стравы не даедзеныя, шампанскае не выпіта, а рахунак ужо ляжыць паміж талеркамі і бутэлькамі. Прычым афіцыянтка грошы пералічвала адразу над нашым сталом. Непрыемна адчуваць, калі табе як кліенту не давяраюць, адразу разглядаюць цябе як патэнцыйнага злодзея.
ВЫСНОВЫ
У дзяржаўныя ці прыдзяржаўныя рэстараны я па ўласнай волі больш ніколі не пайду. “И точка, и точка!”
Комментарии закрыты.