Самая вялікая калекцыя аўтографаў зорак «залатой эпохі» Галівуду – у кінамана з Барысава
На гэтага калекцыянера ўказалі… падпісчыкі яго старонкі Legends of Сinema – autographs, дзе мужчына выкладвае дзівосныя аўтографы жывых легенд залатой эры Галівуду. Аляксею з Барысава – 35 гадоў. Прызнаецца, што ніколі і не думаў станавіцца калекцыянерам аўтографаў, але ўбачыў старадаўні здымак з мудрагелістым аўтографам на ім і захацеў сабе такі самы. Паступова ўцягнуўся, а цяпер калекцыя мужчыны налічвае сотні розных аўтографаў, але да гэтага часу ён так ні разу і не палічыў увесь свой збор!
– Лісты прыходзяць стабільна два разы на тыдзень ужо на працягу доўгага часу, – распавядае нам калекцыянер. – Вядома, я даўно ўжо мог назбіраць у закаморку 400 аўтографаў, але мне гэта зусім не трэба. Цяпер у мяне прыблізна сотня здымкаў з аўтографамі легенд Галівуду, праўда, людзі паўтараюцца – так некаторыя актрысы дасылалі па тры-чатыры аўтографы! Усё гэта – за год калекцыянавання. Зусім хутка чакаю новую порцыю ад цікавых людзей, бо на новы год даслаў каля трох дзясяткаў лістоў. Для мяне гэта не мэта – з’явіцца на публіцы з незвычайным рэкордам, проста ў сваіх лістах я абяцаю акторкам, што захаваю для новага пакалення аповеды пра легендарнае кіно, на якое мы сталі забывацца, а тады плёнку ж не марнавалі дарма, а кіно было сапраўдным мастацтвам.
– Дык што паўстала раней – захапленне старымі кінастужкамі або акторкамі?
– Спачатку – збіральніцтва аўтографаў. Збіраў усё запар, але гэта хутка стаміла, і я пачаў шукаць больш сур’ёзны падыход да свайго захаплення. У гэты час мне на вочы і трапілася калекцыя аўтографаў класічных акторак аднаго англічаніна: старыя фатаграфіі ў стылі pinup, строгія і прыгожыя, такія самыя, як і почырк подпісаў людзей старога пакалення. І тут я загарэўся, адкінуў усіх гэтых Джоджо Моес з Наталі Дормер і пачаў актыўна шукаць адрасы. Не, я не сяджу на форумах – там такіх адрасоў не знайсці. У мяне ёсць хітрык – я гляджу, чым выхваляюцца калекцыянеры «класікі», потым на платным форуме шукаю адрас і пішу… Сябры з Амерыкі таксама падказваюць адрасы – пішу адразу ж, не адкладаючы. Некаторых даводзіцца ўгаворваць ў інтэрнэце даць свой адрас, падпісаць фота. Напрыклад, Мэймі Ван Доран актыўная ў сеціве, а вось аўтограф даваць не хоча. Гэта пытанне часу, думаю, я яго атрымаю, калі бабуля Мэймі будзе ў гуморы! На самай справе, старыя зоркі – з характарам, ведаюць сабе кошт, таму ім яшчэ трэба спадабацца, каб яны ад усяго сэрца даслалі табе адказ.
– Тым больш, што гаворка ідзе пра ўжо вельмі сталых людзей…
– Так, цяпер вельмі мала жывых легенд Галівуду 50-60 гадоў, гаворка ідзе пра вельмі сталых людзей 85 гадоў мінімум. Усё часцей сталі прыходзіць RTS-звароты. Напрыклад, так было з Рондай Флемінг – я спазніўся літаральна на некалькі тыдняў, яна проста перастала адказваць на лісты… Старасць. Вядома, без такой зоркі мая калекцыя ніколі не будзе поўнай. Шмат крыўдных лістоў такога плану прыходзіць, таму я імкнуся пісаць як мага хутчэй, заўсёды гляджу на ўзрост, але ёсць і прыемныя выключэнні! Так, у мяне ёсць аўтографы двух акторак, якім цяпер ужо па 100 гадоў. Калі шчыра, ёсць і любімцы: напрыклад, Эн Бліт і хічкокаўская Вера Майлз… Ім я пісаў па некалькі разоў, таму ў калекцыі ёсць і чатыры, і пяць фотаздымкаў, падпісаных адной актрысай. Пасылаеш адно фота, а потым бачыш яшчэ прыгажэйшае і думаеш: «Ну чаму гэтае не даслаў»?
– Чаканне адказаў прыхарошваеце старымі фільмамі?
– Старыя фільмы, як апынулася, цудоўныя! Але чакаць даводзіцца так доўга! Бывае, адзін аўтограф і год можа ісці… Калі прыходзіць, з’яўляецца нагода перагледзець фільмы з удзелам гэтай зоркі, занурыцца ў тую эпоху. Ніколі б не падумаў, што была такая файная актрыса як Дэбі Рэйнальдс, калі б не стаў збіраць класіку і не напісаў ёй ліст. А зараз некалькі фільмаў з яе ўдзелам у мяне – на першым месцы.
Дарэчы, хто не ведае, Рэйнальдс – гэта маці Кэры Фішэр, той самай прынцэсы Леі. Усе аўтографы за яе падпісвала маці Дэбі. Кэры Фішэр давала іх толькі на афіцыйных сустрэчах.
– Дэбі Рэйнальдс – выбітная зорка была! – працягвае калекцыянер. – Як адчуваў, адкладваў на потым яе, а потым проста сарваўся і даслаў ліст. І атрымаў за месяц да смерці адказ. Да апошніх дзён з ёй можна было звязацца ў сацсетках, напісала пра дачку, а раніцай стужка стракаціла навінамі пра яе сыход.
Калекцыя Аляксея ўнікальная тым, што яна мае пэўную абмежаванасць – зорак класікі Галівуду (30-60 гг.) не так ужо шмат, і з кожным годам становіцца ўсё менш. Значыцц, усё менш часу і ў барысаўскага калекцыянера на тое, каб папоўніць сваю калекцыю. Але ўжо і цяпер у хатніх альбомах Аляксея – велізарны пласт памяці цэлага пакалення зорак, якое літаральна «будавала» той самы Галівуд, якім захапляемся ўсе мы.
Комментарии закрыты.