Стадыён БАТЭ ў Барысаве дабудуюць у лепшым выпадку да ліпеня 2013 (8 здымкаў)
З адставаннем ад раней зацверджаных тэрмінаў у Барысаве ўзводзяць новы стадыён футбольнага клуба БАТЭ. Гэты аб’ект, праект якога выканала архітэктурная кампанія з Славеніі, абяцае стаць адным з самых сучасных спартыўных збудаванняў Беларусі. Калі завершыцца будоўля? |
Па словах намесніка гендырэктара БАТЭ па тэхнічных пытаннях Мікалая Вараб’ёва, самы аптымістычны прагноз – ліпень 2013 года.
– Цяпер яшчэ ідзе актыўны пошук рашэння па даху і фасада стадыёна. Бо яго дызайн прадугледжвае спецыяльную 3D-абалонку, якая, як змяіная луска, пакрывае ўсю пабудову. Гэта цэласная сістэма, а не асобныя элементы даху і фасада. Яна вешаецца на металічныя канструкцыі, – распавёў Мікалай Вараб’ёў у інтэрв’ю goals.by. – Калі праца па мантажы ферм будзе выканана на чвэрць, спецыялісты зоймуцца абмерамі. Пасля чаго пачнецца выраб гэтай унікальнай лускі і яе ўстаноўка. На сёння адно з самых надзённых пытанняў. У выбары пастаўшчыка матэрыялу кропка яшчэ не пастаўлена.
Арэна разлічана на 13 тысяч гледачоў. Ці будзе яна запаўняцца падчас ўнутрыбеларускіх спаборніцтваў і ці не паўстане праблем з акупляльнасьцю?
– Усё гэта залежыць ад нашай працы. Ад нашай здольнасці прадаваць свае матчы. Ад арганізацыі пад’езда да стадыёна, умоў для знаходжання гледачоў – дзіцячыя пакоі, антураж, напаўненне, забавы, агульны камфорт, – тлумачыць Мікалай Вараб’ёў.
Як плануецца, наведвальнікам стадыёна дадуць шэраг новых паслуг. Напрыклад, бясплатны Wi-Fi: заўзятары змогуць атрымліваць перадматчавую інфармацыю.
– Усё гэта фармуе сукупнасць уражанняў гледачоў ад наведвання стадыёна. Для прыцягнення людзей, акрамя самой гульні, трэба дадатковы цікавы змест, магчымасць эмацыйнага суперажывання таго, што адбываецца, – адзначае прадстаўнік БАТЭ.
Так будаўнічая пляцоўка выглядала ў верасні – кастрычніку гэтага года:
Comments are closed.