«СПРАБУЙ ПА-БЕЛАРУСКУ»: НОВЫ ПРАЕКТ У ПАДТРЫМКУ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Менш за месяц таму ў беларускай частцы глабальнага сеціва паўстаў анлайн-праект “Спрабуй па-беларуску”, ініцыяваны Асацыяцыяй рэкламных арганізацый і падтрыманы групай кампаній TDI Group. У чым “фішка” праекта, адкуль у ідэі “растуць ногі” і ці мае плён праца digital-аддзела кампаніі – у нашым матэрыяле.
– Ідэя такога праекта нарадзілася спантанна, але невыпадкова, бо цяпер адчуваецца, што грамадства сапраўды мае патрэбу пашыраць выкарыстанне мовы ў розных сферах жыцця, – тлумачыць Сяргей Філазаповіч, творчы дырэктар групы кампаній TDI Group і сябра журы AD.NAK!-2013. – Насамрэч, беларуская мова вельмі ёмістая, мае мноства словаў, якія вельмі дакладна вызначаюць тыя ці іншыя паняцці. І калі мы данясем гэтую ёмістасць і прыгажосць да нашай мэтавай аўдыторыі, будзе файна. Ясна, што мы не спрабуем вырашаць праблемы сусветнага маштабу, але агулам паказаць людзям, што беларуская мова меладычная, што ў ёй безліч ёмістых словаў.
Праект існуе ў самых папулярных у Беларусі сацсетках – Facebook, VKontakte і Twitter. Яго мэтавая аўдыторыя – усе, хто хоча, каб беларуская мова была, жыла і ўжывалася ў паўсядзённым жыцці. На першым этапе праект заклікае ўдзельнікаў папросту пісаць па-беларуску, каб пераадолець пэўны псіхалагічны бар’ер, які перашкаджае размаўляць “на мове”.
– Крыху адваротны працэс ад таго, які чалавек праходзіць ад пачатку свайго жыцця, бо дзеткі спачатку пачынаюць размаўляць, а ўжо потым – пісаць. Мы пайшлі іншым шляхам і нават лічым, што гэты шлях слушны.
Дарэчы, на праект ужо звярнулі ўвагу вядомыя людзі: у Twitter словы падтрымкі выказала галівудская зорка Michelle Rodriguez, вядомая ўсім свеце па фільмах «Фарсаж», «Прыстанак зла», «Аватар» і серыялу «Застацца ў жывых», беларускі fashion-дызайнер Дзмітрый Шолахаў, які зараз працуе ў Нью-Ёрку, а таксама расіянін Дзяніс Касякоў – удзельнік вялікай колькасці гумарыстычных праектаў, які прысябраваў суполку ў Кантакце.
– Паціху, але нас падтрымліваюць не толькі простыя людзі, але і зоркі. Таму мы разумеем, што тэма цікавая, і недарма мы яе паднялі. Цяпер праект трэба толькі падтрымліваць, хаця ўдзельнікі і самі пачынаюць актыўнічаць, разварочваюць праект як снежны ком, – дадае Сяргей Філазаповіч.
“Спрабуй па-беларуску” ўжо мае мноства рубрык – “Вочкі” (цікавыя подпісы пад малюнкам), “Гумка” (выказвайце свае ідэі), “Смачна есці” (шэдэўры беларускай кулінарыі), “Пэндзаль” і “Почырк” – рубрыкі, якія знаёмяць з творчасцю сучасных мастакоў і паэтаў.
Самая адметная рубрыка “Пачні з алфавіту” прапаноўвае літару і слова дня, а ўдзельнікі ацэньваюць ідэю ды прапаноўваюць свае варыянты яскравых беларускіх словаў.
– Выходзіць гэткі інтэрактыў, бо людзям нецікава проста глядзець, хочацца ўдзельнічаць, а мы прапаноўваем дзяліцца з суполкай сваімі ведамі беларускай мовы. Дарэчы, у каментарах часам сустракаюцца цікавыя словы-наватворы. Да прыкладу, каб праілюстраваць “яблык”, мы вывесілі лагатып адной вядомай кампаніі, якая займаецца выпускам кампутарнай тэхнікі і мабільных тэлефонаў, – і тут з’явіліся такія прапановы, як “пагрызец” ці “кусанік” – такіх словаў няма, але людзі іх прыдумваюць – гэта здорава і весела.
TDI Group плануюць і далей ствараць разнастайныя актыўнасці для ўдзельнікаў анлайн-праекта, але карты пакуль не раскрываюць – кажуць, што трэба проста сачыць у суполках. У межах “Спрабуй па-беларуску” чакаюцца і супольныя з Асацыяцыяй рэкламных арганізацый цікавосткі.
Комментарии закрыты.