Аштрафаваны заўзятар зборнай: У барысаўскай міліцыі нам казалі, што мы носім фашысцкую сімволіку i ганьбім краіну — TUT.BY

Сегодня на портале TUT.BY и газеты «Наша Нiва» появилось интервью с одним из задержанных на «Борисов-Арене» футбольных болельщиков. VBorisove.by выкладывает полный текст публикации. 

Зміцер Хведарук — адзін з заўзятараў зборнай Беларусі, якога затрымалі на гульні Беларусь — Македонія за шалікі з «Пагоняй». Цэлы наступны дзень Змітра і яшчэ двух хлопцаў прамарынавалі ў судзе. У выніку ўсіх затрыманых прызналі вінаватымі ў дробным хуліганстве і прысудзілі 10 базавых велічынь штрафу (1,8 мільёна рублёў). Зміцер Хведарук падзяліўся ўражаннямі з карэспандэнтам «Нашай Нiвы».

Фота с сайта nn.byЗміцер Хведарук (другі злева) пасля гульні Беларусь — Іспанія. На тую гульню яго прапусцілі з шалікам з «Пагоняй». Фота с сайта nn.by

— Большасць фанатаў зборнай у перапынку гульні з Македоніяй пайшлі ў прыбіральню ці проста ў галерэю, каб выпіць гарбаты ці кавы, бо было дастаткова холадна, нягледзячы на тое, што ўвесь тайм мы скакалі і спявалі. Да мяне падышоў чалавек у цывільным з рацыяй. Ён спытаўся, што ў мяне намалявана на шаліку. Пабачыў на ім «Пагоню», сказаў мне, каб я здаў шалік у камеру захоўвання і ішоў назад на трыбуны глядзець.

Пытаюся, чым матываваныя гэтыя патрабаванні. Ён сказаў, што з’яўляецца супрацоўнікам праваахоўных органаў. Рэзка папярэдзіў: калі я не здыму шалік, то будзе горш. Я паказаў у інтэрнэце старонку аб тым, што «Пагоня» з’яўляецца культурна-гістарычнай каштоўнасцю, што гэта герб Віцебскай вобласці, некаторых гарадоў. Для міліцыянта гэтая інфармацыя нічога вартая не была.

Прыйшлі яшчэ некалькі супрацоўнікаў, якія запатрабавалі пайсці з імі. Я павярнуўся, пабачыў, што забіраюць яшчэ некалькіх чалавек з сектару. Варта адзначыць, што спынілі яшчэ аднаго хлопца, у якога быў бела-чырвоны шалік з арнаментам, але, не пабачыўшы там «Пагоню», адпусцілі.

Пасля гэтага нас пасадзілі ў міліцэйскую машыну, ніякіх абвінавачванняў не прад’яўлялі і прывезлі ў Барысаўскае РУУС.

Дарэчы, пры ўваходзе на стадыён ніякіх праблем не ўзнікла гэтым разам. Але ўвесь сектар здымалі нейкія невядомыя людзі на відэакамеры. Мабыць, яны якраз так і пабачылі людзей з нацыянальнай сімволікай.

Да апошняга мы не ведалі, у чым нас абвінавачвалі. Была надзея, што патрымаюць і адпусцяць. Толькі пасля таго, як адкаталі пальчыкі, стала ясна, што ноч мы правядзём у пастарунку.

У міліцыі нам казалі, што мы ганьбім краіну, робім негатыўны вобраз, носім фашысцкую сімволіку. Спыталіся, ці хочам мы, каб было, як ва Украіне? Адзін міліцыянт гразіўся прывесці сям’ю з Луганска, каб яны расказалі, як там дзяцей ядуць бандэраўцы.

Прыйшоў нейкі злосны падпалкоўнік (кажуць, што ён адказвае ў Барысаве за фанатаў), які пачаў на нас крычаць, што мы кепска сядзім, кепска стаім, што мы выклікаем агрэсію, мы зганьбілі краіну, калі прыйшлі на гэты матч.

У ізалятары было не так кепска, як на Акрэсціна, бо давалі матрац, прасціну, падушку, нават лёгкую коўдру. Але мы амаль суткі адседзелі без пітной вады, бо вада ў камеры была жудаснай. У камеры было два забітыя акны, адна з шыбаў была разбітая, таму было надзвычай холадна, не маглі нармальна заснуць.

Жаданне падтрымліваць зборную ніколі не прападае. Варта як станоўчы факт адзначыць, што на сітуацыю з нашым затрыманнем звярнула ўвагу Беларуская федэрацыя футбола, што няма ніякіх правапарушэнняў. Спадзяюся, што гэта нейкім чынам паспрыяе вырашэнню сітуацыі. Калі такое будзе паўтарацца, то не ведаю, ці будзе нехта хадзіць на матчы ў будучыні.

SPORT.TUT.BY / Наша Ніва

Последние новости в Борисове