Зарэгістраваны яшчэ 367 подпісаў супраць знішчэння дрэваў у Пячах (+ 22 фоты)
Агулам з моманту пачатку грамадскай кампаніі ў былым ваенным гарадку Печы за захаванне ўнікальнага прыроднага асяроддзя мікрараёна, а таксама супраць адкрыцця цэнтральнай вуліцы для скразнога руху аўтатранспарту сабрана не менш за 750 подпісаў.
Калі ўмовы такой вялікай колькасці людзей не будуць выкананыя, то грамадскі актыў Печаў плануе ажыццявіць пакватэрны абыход усіх жыхароў гарадка для таго, каб давесці колькасць сабраных подпісаў да яшчэ больш унушальнай лічбы. Аднак у любым выпадку не заўважыць 750 подпісаў для раённых уладаў ужо будзе праблематычна.
Учора “другая порцыя” подпісаў (іх копіі) пад калектыўным зваротам былі афіцыйна дасланыя ў Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт, Барысаўскі раённы савет дэпутатаў, Мінскі абласны савет дэпутатаў, Камітэт дзяржаўнага кантролю і Міністэрства абароны, аарыгіналы подпісаў сёння былі зарэгістраваныя ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Барысаўскага райвыканкама. Гэта зрабілі жыхары Печаў праваабаронца Алег Мацкевіч і Сяргей Салаш (ГІ “За чысты Барысаў!”).
Нагадаем, што сёння ў кабінетах аддзела архітэктуры на вуліцы Чапаева яшчэ працягваецца т.зв. грамадскае абмеркаванне будаўніцтва піцэрыі ў Пячах – будаўніцтва, якое стала прычынай знішчэння здаровых дрэваў на вуліцы Сярэбранікава і, магчыма, стане прычынай адкрыцця цэнтральнай вуліцы для свабоднага руху аўтатранспарту. Праз два дні “абмеркаванне” будзе згорнута і яшчэ на працягу дзесяці дзён можна будзе падаваць свае пісьмовыя заўвагі.
На сённяшні момант у журнале грамадскага абмеркавання зафіксаваны заўвагі толькі з боку двух вышэйпералічаных жыхароў гарадка, а таксама зарэгістраваны калектыўны зварот. Відавочна, што мясцовыя ўлады не жадаюць праводзіць паўнавартаснага абмеркавання на тэрыторыі Печаў з удзелам вялікай колькасці зацікаўленых жыхароў, таму прапанавалі варыянт найбольш складаны і непразрысты – наведванне кабінетаў аддзела архітэктуры і будаўніцтва Барысаўскага райвыканкама на вуліцы Чапаева.
“Грамадская кампанія працягваецца. Дрэвы абавязкова трэба захаваць, надаўшы цэнтральнай частцы Печаў статус рэкрэацыйнай, адпачынковай зоны, а “цэнтралцы” неабходна надаць статус пешаходнай зоны. Разам з тым неабходна развіваць інфраструктуру Печаў – і гэта ж не толькі піцэрыя!
Пячам неабходны рамонт пад’язных шляхоў і будаўніцтва новых парковачных месцаў у жылых дварах з максімальным захаваннем дрэваў. Пячам неабходны абсталяваныя дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі. І, безумоўна, патрэбна будаваць новыя дамы, месцы пад якія можна было б знайсці па ўнутраным перыметры гарадка. Неканфліктных тэрыторыяў у Пячах больш, чым дастаткова”, – мяркуе Сяргей Салаш.
Жыхар Печаў праваабаронца Алег Мацкевіч піша свае дадатковыя заўвагі ў рамках т.зв. грамадскага абмеркавання:
Печы сёння зноў сталі праблемным месцам для мясцовай улады:
Жахарам Печаў прапануюць правесці «грамадскае абмеркаванне» са стэндам, прымацаваным да сцяны ў холе аддзела архітэктуры і будаўніцтва Барысаўскага райвыканкама:
Па гэтых электронных адрасах кожны ахвотны можа даслаць свае заўвагі па праблемах Печаў:
Аддзел інфармацыі barysau.by
Комментарии закрыты.